Люблю
Люблю наш край – старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Люблю народ наш беларускі.
Хаціны ў зелені садоў.
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў.
І рэчку, што імкліва воды
Імчыць ў нязведаную даль,
І схілы берагоў пясчаных,
І яснасць чыстых яе хваль.
Люблю вясну, што ў кветкі, зелень
Аздобіць радасна зямлю,
Буслоў на гнёздах клекатанне
І спеў жаўроначка люблю.
Гарачую спякоту лета
І буру летнюю з дажджом,
Як гром грыміць, а ў чорных хмарах
Маланка зіхаціць агнём.
І восень сумную люблю я,
І першы звон сярпоў і кос,
Як выйдуць жнеі збожжа жаці,
А касары – на сенакос.
Люблю зіму з яе марозам,
Што вокны прыбярэ ва ўзор,
І белы снег, што, ўкрыўшы поле,
Ірдзіцца бляскам ясных зор.
Люблю ў пагодную я ночку
Дапозна на дварэ сядзець,
Сачыць за сініх зор мігценнем,
На месяц залаты глядзець.
І песню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
Пераліваюцца, плывуць.
Усё ў тым краі сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой,
Дзе з першым шчасцем я спазналась
І з гора першаю слязой.
(1913г.Канстанцыя Буйло)
Добавить комментарий