Радзіма
Лепей за ўсё мне на свеце мясціна
Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос.
Бэз пад акном і на полі каліна…
Ціхае сонца, блакіты нябёс…
Можа, другому не скажа нічога
Сціплая смолка на ўзлессі ў траве.
Мне ж у ёй радасць гучыць і трывога,
З ёю маё захапленне жыве.
Любы мне бору сасновага звоны,
Пошум прысадаў, што ўзбеглі на шлях.
Там, дзе бязмежна пралеглі загоны,
Сэрца ўбірае прыволле ў полях.
Выйдзеш за вёску – жытнёвыя хвалі
Коцяцца, цёплыя, плыняць наўсцяж…
Клічуць дарогі ў бясконцыя далі…
Самы ты вольны, край бацькаўскі наш!
Колькі мне маці тут песень спявала,
Колькі радзілася ў сэрцы тут мар,
Колькі мне ласкі жыццё аддавала,
Позіркам шчасця тут гледзячы ў твар.
Тут я быць верным і чулым вучыўся,
Сілу здабыў тут, якой не зламіць.
І сваёй роднай зямлі, дзе радзіўся,
Мне аніколі нідзе не забыць.
Дзе ні жыву, ўспамінаю да рыскі
Усё, аб чым слова ў душы берагу,
Кожны куточак, знаёмы і блізкі,
Усюды са мной.
Не згадаць не магу.
Рэчкі люстранай, між лозаў і вязаў,
Што по лугах быстра воды нясе,
Поля, дзе смутак забудзеш адразу,
Сэрцам аддаўшыся светлайкрасе.
Матчыных слоў не забуду ніколі.
Дружбу шаную, што з вамі ствараў.
З вамі, сябрамі, якіх яшчэ ў школе
Роднымі сэрцу навечна абраў…
(1960г Кастусь Кірэенка)
Добавить комментарий