"Вось яны, прывольныя прасторы..."
Вось яны, прывольныя прасторы
Роднае зямлі спакон вякоў!..
Паабапал аржаное мора
Ледзь не хлыне на бальшак з бакоў.
Па-над абеліскамі-слупамі
Дуб-асілак з гордай галавой,
Тройчы расстраляны перунамі,
Выглядае вежай вартавой.
А як пеўні абвясцяць світанне,
Разам з дбайным сонцам аглядаць
Гэтыя бяскрайнія ўладанні
Бусел падымаецца з гнязда.
Апячэ дзяўчына ранкам буднім
Ногі аб расу на мураве,
Ледзяной вады глыне са студні
І курлыкне хрыпла журавель.
Калі бачыў ты, як тут шугае
Бэз ліловым полымем ля хат,
Ад якога сполахі мільгаюць
Ў шыбах вокан і ў вачах дзяўчат;
Як кіпіць перад пачаткам лета
Квецень перагрэтая садоў
І ружовай пенай белацвету
Пырскае на разамлелы дол;
А ў садах – духмяныя плады;
Калі бачыў, як святлом барвовым,
Азарыўшы да вяршынь лясы,
Незгасальным полымем ліловым
Тут гараць увочень верасы;
І калі не днямі, а гадамі
Адчуваў ты зблізку і здаля,
Як тут хлебам, мёдам і грыбамі
Пахне навакол сама зямля, -
Зразумееш ты тады, магчыма,
Не пражыць чаму мне без яе
І чаму ўсё тут перад вачыма
У ружовых фарбах паўстае.
(1958г. Мікола Аўрамчык)
Добавить комментарий